Антыфэйк / фактчэк Сёння

«Балтыйскія службоўцы прадалі сваіх дзяцей». «ЖС Premium» выдаў традыцыйныя мерапрыемствы за навіну, а News.by перакруціў іх сэнс

Нагода — сустрэча прадстаўнікоў моладзевых кадэцкіх арганізацый з Латвіі, Эстоніі, Літвы, Польшчы і Вялікай Брытаніі.

 

Краіны Балтыі перадалі кіраўніцтва сваімі дзіцячымі і юнацкімі арганізацыямі Вялікай Брытаніі і Польшчы, паведаміла вядоўца каналу News.by Ганна Літаш. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што гэта інфармацыя — не навіна, а яе сэнс перакруцілі.

Пра тое, што балтыйскія службоўцы аддалі моладзь сваіх краін на выхаванне куратарам з Лондану і Варшавы, вядоўца Ганна Літаш распавяла 10 чэрвеня 2025 года ў праграме «Па форме» на канале News.by: 

«Прыбалтыка перадала кіраўніцтва ўсімі дзіцячымі і юнацкімі арганізацыямі Брытаніі і Польшчы. Адпаведную дамову падпісалі Латвія, Літва і Эстонія. Зараз пад куратарствам Лондана і Варшавы ў галовы маленькіх прыбалтаў будуць укладаць патрэбныя сэнсы. У паведамленні таксама адзначаецца, што ў рамках дакументу брытанскія спецыялісты будуць уцягнутыя ў працу ўсіх ваенізаваных аб'яднанняў Прыбалтыкі, арыентаваных на дзіцячую і юнацкую аўдыторыю. За колькі ці за што балтыйскія службоўцы прадалі сваіх дзяцей, пакуль не вядома».

У доказ словаў вядоўцы ў кадры паказалі скрыншоты двух артыкулаў з загалоўкамі «Вялікая Брытанія і Польшча будуць навучаць прыбалтыйскіх падлеткаў вайсковай справе» і «Прыбалтыка аддасць сваіх дзяцей на выхаванне іншым краінам». 

Адна з іх апублікавана на партале «Евразия Эксперт». У тэксце аўтар спасылаецца на інфармацыю Baltnews.com. Другі загаловак належыць Baltnews.com, а ў матэрыяле ёсць спасылка на тэлеграм-канал «ЖС Premium», які рэгулярна трапляе ў наш рэйтынг фэйкаў за публікацыю няпраўды. Каманда WTF знайшла пост-першакрыніцу з інфармацыяй пра супрацу краін Балтыі з Вялікай Брытаніі і Польшчай. 

«У Рызе “пышная пяцёрка” (Літва, Латвія, Эстонія, Брытанія і Польшча) падпісала дамову пра супольны “клопат” пра пакаленне, якое падрастае. Зараз прыбалтыйскіх падлеткаў будуць вучыць не толькі матэматыцы, але і вайсковай справе — абменьваючыся досведам, навыкамі і, вядома, “слушнай” ідэалогіяй», — сказана ў паведамленні «ЖС Premium». 

Да посту прымацаваны фотаздымак, па якім журналісты WTF знайшлі мерапрыемства, пра якое ішла гаворка, і высветлілі, якія дакументы на ім падпісалі. Гэта — сустрэча прадстаўнікоў моладзевых кадэцкіх арганізацый з Латвіі, Эстоніі, Літвы, Польшчы і Вялікай Брытаніі, якая прайшла ў траўні 2025 года ў латвійскім горадзе Кулдыга. На ёй падпісалі дамову пра супрацу і правядзенне супольных міжнародных лагераў, спаборніцтваў, культурных імпрэзаў. То бок запланавалі абмен досведам. 

Аўтары «ЖС Premium» змаўчалі, што гэта падзея — не навіна. Такія імпрэзы праходзілі і раней. Літва, Латвія і Эстонія супрацоўнічаюць па гэтым кірунку з 2002-га, а ў апошнія гады да абменаў далучыліся Вялікая Брытанія і Польшча. Краіны праводзяць супольныя імпрэзы для моладзі па чарзе. Напрыклад, у папярэднія гады спаборніцтвы праходзілі ў Латвіі, а ў Літве арганізавалі лагер. 

Кадэты з Вялікай Брытаніі бяруць удзел у такіх праграмах абмену не толькі з краінамі Балтыі. Мы знайшлі інфармацыю пра правядзенне супольных лагераў з моладдзю з Канады, Індыі, ЗША, Італіі, Аўстраліі і Нарвегіі.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць