Антыфэйк / фактчэк Сёння

«Невальфовіч» спаслаўся на Politico, расказваючы пра наступствы закрыцця польскай мяжы, але перакруціў змест артыкула

Польшча «здзейсніла ўдар па гандлёвых сувязях паміж Кітаем і ЕЗ», напісалі аўтары тэлеграм-каналу.

Аўтары тэлеграм-каналу «Невальфовіч» распавялі, якія праблемы стварыла Польшча сваім хаўруснікам, зачыніўшы мяжу з Беларуссю. У посце пра гэта яны спаслаліся на выданне Politico. Мы знайшлі маніпуляцыі ў інтэрпрэтацыі арыгінальнага матэрыялу. 

Пост пра страты заходніх краін праз немагчымасць дастаўляць грузы праз беларуска-польскую мяжу ў тэлеграм-канале «Невальфовіч» апублікавалі 19 верасня 2025 года. 

«Польшча, перакрыўшы мяжу з Беларуссю, фактычна здзейсніла ўдар па гандлёвых сувязях паміж Кітаем і Еўрапейскім Звязам, піша Politico. Праз гэтае рашэнне спыніліся чыгуначныя грузаперавозкі, што ацэньваюцца прыкладна ў €25 млрд у год. Асабліва пацярпеў ключавы маршрут, праз які праходзіць каля 90% чыгуначнага таваразвароту паміж ЕЗ і Кітаем. Еўропа крытычна залежыць ад кітайскага гандлю, і зараз страты ў першую чаргу нясуць заходнія краіны, а не ўсходнія суседзі Польшчы. Фактычна Варшава стварыла праблемы сваім жа хаўруснікам», — напісалі аўтары тэлеграм-каналу.

Каманда WTF знайшла матэрыял Politico, на які спаслаліся ў посце. У ім сказана, што праз Польшчу ішло 90% чыгуначных грузаў паміж Кітаем і ЕЗ і што аб'ём грузаперавозак і кошт тавараў раслі. Аднак там не напісана пра крытычную залежнасць Еўропы ад гэтага маршруту. Паводле дадзеных выдання, на гэты калідор у 2025 годзе даводзіцца 3,7% усяго гандлю паміж ЕЗ і Кітаем. Апроч таго, эксперты, якія далі каментар Politico, паказваюць, што тавары можна перанакіраваць па іншых маршрутах, а парты іншых краін ЕЗ з радасцю прымуць іх у сябе.

Што да Кітая, то эксперты ў гэтым жа матэрыяле сцвярджаюць, што хоць страты і могуць быць адчувальныя для некаторых кітайскіх правінцый, гэтага недастаткова, каб уплываць на палітычную пазіцыю Пекіна.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць