Выступаючы ў якасці эксперта ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё палітолаг Вадзім Ялфімаў заявіў, што Доналд Трамп парушыў абяцанне «асушыць вашынгтонскае балота», а яго эканамічная палітыка прывяла да скарачэння працоўных месцаў.
«На мінулым тыдні ўжо паступіла статыстыка: працоўны тыдзень у ЗША скараціўся на 1 дзень. То бок працы ў ЗША ўсе менш і менш. А тыя, хто працуюць (як яны кажуць, мядзяныя патыліцы — рабочыя) — гэта быў грунт, электаральная база Доналда Трампа», — сказаў ён у эфіры праграмы «Актуальны мікрафон» 16 ліпеня 2025 года.
Каманда WTF праверыла гэта цверджанне.
На чэрвень 2025 года ў сярэднім працаўнікі ў ЗША цягам тыдня працуюць каля 34 гадзін 12 хвілін. Год таму – на 6 хвілін даўжэй. Такім жа быў паказнік і ў 2006 годзе.
За апошняе дзесяцігоддзе ваганні працягласці часу працы не перавышалі 40 хвілін у той ці іншы бок. Максімальны спад адбыўся ў час рэцэсіі 2009 года, калі працоўны тыдзень скарацілася да 33 гадзін 54 хвілін. Пік прыпаў на 2021 год — 34 гадзіны і 48 хвілін.
Пры гэтым у ЗША ўжо задумваюцца пра заканадаўчае скарачэнне працоўнага тыдня. У 2024 годзе, яшчэ пры Джо Байдэне, група сенатараў прапанавала скараціць стандартны працоўны тыдзень з 40 да 32 гадзін з захаваннем заработнай платы. Аргумент — новыя тэхналогіі павялічылі прадуктыўнасць працы амерыканскіх працаўнікоў і 40-гадзінны стандарт працоўнага тыдня ўжо не адпавядае рэаліям. Але законапраект гэтак і не прынялі.