Антыфэйк / фактчэк 05 мая

Палітолаг Ялфімаў: Трое з чацвярых выпускнікоў вну ў Еўропе беспрацоўныя. Правяраем

Беларусы павінны шанаваць магчымасць працаваць па размеркаванні пасля сканчэння вну, заявіў Ялфімаў.

Беларускім маладым адмыслоўцам дзяржава падарыла магчымасць працаўладкавацца пасля навучання, а ў Еўропе 75% выпускнікоў вну — беспрацоўныя, заявіў палітолаг і вядоўца Вадзім Ялфімаў. Каманда Weekly Top Fake праверыла, наколькі ён памыліўся ў лічбах.

Беларускія выпускнікі вну павінны шанаваць абавязковае размеркаванне, заявіў у эфіры «Радыё-Менск» 22 красавіка 2025 года вядоўца Вадзім Ялфімаў, разважаючы на тэму працаўладкавання моладзі.

«Я хачу толькі нагадаць нашым маладым людзям, якія нас слухаюць, я ў гэтым упэўнены, што ў Еўропе 75% выпускнікоў вну, то бок новых маладых адмыслоўцаў – беспрацоўныя. 75%. Запомніце, сябры. Зусім іншая сітуацыя ў нас. І вы ацэніце прапанову кожнай працы. Недзе на Захадзе прапанавалі б гэту працу – прыбеглі б сюды. Але, пагадзіцеся, у іх такой магчымасці няма, а нам дзяржава гэта падарыла», — растлумачыў вядоўца сваю пазіцыю.

Паводле дадзеных Еўрастату за 2024 год, больш 86% нядаўніх выпускнікоў універсітэтаў у Еўразвязе знаходзяць працу. Гэта адзін з самых высокіх паказнікаў за апошнія 10 гадоў. Лягчэй за ўсё працаўладкоўваюцца выпускнікі вну Балгарыі і Эстоніі: 95% з іх знаходзяць працу. Высокія шанцы ў Польшчы і Нямеччыны — 92%. Самая нізкая занятасць маладых адмыслоўцаў у Італіі, Грэцыі і Сербіі — менш за 80%.

У Беларусі такой статыстыкі няма. У нас практычна ўсіх студэнтаў, якія вучыліся за бюджэтныя сродкі, чакае абавязковае размеркаванне. Дзяржава гэта называе гарантыяй першага працоўнага месца. Здаволены такой працай далёка не ўсё. Прыкладам, у Берасцейскай вобласці пасля абавязковага тэрміну застаюцца працаваць каля 70% маладых адмыслоўцаў у сферы адукацыі і аховы здароўя. Найгорш замацоўваюцца кадры ў ЖКГ: працягвае працаваць толькі штотрэці. Іншыя шукаюць лепшыя ўмовы працы ўжо самастойна.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць