Праблемы планавай эканомікі
«Намміністра сельскай гаспадаркі і харчу Уладзімір Гракун кажа: разумееце, бульбы ж было шмат, сабралі... Ну так, быў неўраджай, 800 тысяч тон сабралі. Для забеспячэння насельніцтва, паводле разлікаў МАРГ, патрабуецца 90 тысяч тон у міжсезоннасць. … То бок яе, па разліках, павінна было хапіць з лішкам. Але, разумееш, апынаецца, што попыт вырас. Кажа, 170% даставы — і не хапіла.
Хочацца спытаць, а яна дакладна была? Ці яна па паперах была толькі недзе? Таму што ўявіць сабе, што палову згнаілі, тэарэтычна, можна. Увогуле, у мяне такое адчуванне, што планавая эканоміка, яна пакутуе ад тых жа праблем, як і планавая эканоміка ў часы Савецкага Саюзу. Калі на паперы ўсё ёсць: прыпіскі ўсе вышэй і вышэй, і адправілі, і паклалі, і заклалі, і 170% — а няма.
Першы намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Іван Вежнавец кажа: “Бульба прапала, цыбуля прапала, макароны прапалі. Гэта ўсё залежыць ад, ізноў жа, ад пераваг пакупніка. Чалавек прыходзіць і звяртае ўвагу на негатыў галоўным чынам”. Ну так, а што ён павінен рабіць? Яны павінны прыходзіць і запісваць падзякі ў ціктоках ці нешта яшчэ? Увогуле, вось гэта вось ідэя “прыкметы не працуюць, проста вы запамінаеце, калі яны працуюць” — гэта не бульба прапала, гэта проста вы на гэта звяртаеце ўвагу».
Пра грамадска карысную працу
«У нас жа цяпер ідэя, як яны там кажуць, дашліфаваць Беларусь. І вось гэта ўпарадкаванасць, пра якую мы шматкроць расказвалі, … скончыцца тым, што гэта будзе заданне не ўлады. Гэта будзе заданне, каму мы гэта даручым. Кажа [Аляксандр Лукашэнка], патрэбна шырэй прыцягваць людзей да грамадска карыснай працы, а то “людзі сядзяць недзе ўдома і думаюць, што мы, улада, павінны заплаціць грошы за іх і прыйсці навесці парадак на сядзібе, у гародзе, тэрыторыях, які прылягаюць”. Але, увогуле, вы павінны заплаціць грошы за іх, таму што яны вам ужо за гэта заплацілі. І вы, адпаведна, на іх грошы павінны пайсці і навесці парадак на, у тым ліку, тэрыторыі, якая прылягае.
“Прымушайце людзей рабіць сваю справу”, — [сказаў Лукашэнка]. Насамрэч, гэта фраза павінна была гучаць: прымушайце людзей рабіць нашу справу».
Канчатковае рашэнне смеццевага пытання
«Па пытаннях абыходжання з адходамі нарада. Вось умее ж! Кажа [Аляксандр Лукашэнка]: “Для кожнага складу ўрада гэта тэма з'яўляецца лакмусавай паперкай”. Ну, то бок апускаеш паперку, так, і калі не вельмі страшна, то жоўтае. Калі моцна страшна, то і карычневае.
І вось ён кажа: “Асаблівасць цяперашняга паслявыбарчага перыяду будзе складацца ў неабходнасці выразнага і аператыўнага выканання прынятых на ўзроўні кіраўніка дзяржавы рашэнняў”. Выдатна! Засталося ўбачыць прынятыя на ўзроўні кіраўніка дзяржавы рашэнні, якія ён усё больш кажа, вы там самі неяк: “Не будзе, што мы спачатку на ўзроўні прэзідэнта збіраемся, праводзім мазгавую атаку па тым ці іншым пытанні, а потым дзесяць разоў яшчэ ў прэзідэнта збіраемся, малоцім языкамі, як у народзе кажуць, пераконваючы адзін аднаго, што гэта трэба рабіць. Сабраліся, дамовіліся, не робіце — да пабачэння. Я хачу, каб гэта запомнілі”.
Ізноў, вядома, хочацца сказаць, пачні з сябе. І тут жа, у наступным абзацы: “11 гадоў назад, гэта тэма ўжо абмяркоўвалася дакладна ў такім жа складзе”. Мала таго, што 11 гадоў, так яшчэ і ў такім жа складзе. Увогуле, неяк атрымліваецца, што не павінна быць такога, як было: дзесяць разоў пагаварылі на гэту тэму, языкамі памалолі, як у народзе кажуць, а воз і цяпер там. Але ў гэты раз яму ўжо прапанавалі-такі канчатковае рашэнне смеццевага пытання: навесці парадак і вылізаць краіну ў год упарадкаванасці».
Пра прыбіральню гораду-герою
«Лукашэнка апошнім часам бліскае цытатамі: “[Менскі раён] — гэта прыбіральны раён гораду-герою Менску”. Дачнікі гэтыя, яны ж зусім там адперазаліся, выкідваюць ледзь не лядоўні. Лукашэнка таксама пацікавіўся, якія прапановы ва ўрада па мерах адказнасці за аб'ектыўнае парушэнне правілаў. І для каго? Для грамадзянаў жа, вядома. Упарадкаванасць жа — гэта зараз праца кожнага. Для грамадзянаў, напрыклад, гэта няскошаныя пляцоўкі, платы, якія заваліліся, смецце на прысядзібнай тэрыторыі і таму падобнае. Прымушайце рублём, каб было бедна, але чыста».