Эканоміка з Чалым 29 мая

Як улады будуць дашліфоўваць Беларусь і дзе ў Менску прыбіральня

Сяргей Чалы і Вольга Лойка абмеркавалі лакмусавую паперку для ўрада і планавую эканоміку.

Урад прапанаваў канчатковае рашэнне смеццевага пытання ў краіне, а намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Іван Вежнавец растлумачыў, чаму з паліц беларускіх крам прападаюць прадукты. Што гэта значыць і як адаб'ецца на нашым дабрабыце, эканамічны эксперт Сяргей Чалы і журналістка Вольга Лойка абмеркавалі ў шоу «Чалы: Эканоміка». Публікуем урыўкі гутаркі.
Змест
01:14 Весткі з палёў, дзе зараз саджаюць бульбу
03:02 Кадравыя перастаноўкі нечаканыя для саміх кадраў
06:25 Няма каму працаваць, таму паклічам замежных работнікаў
09:36 Добраўпарадкаванне краіны: можа быць бедна, але чыста
11:19 Шэсць стратэгій абыходжання з адкідамі
14:16 Будаўніцтва горна-узбагачальнага камбіната
16:54 У Беларусі ўпала нараджальнасць, таму што "мужыкі стапталіся"
20:07 Дэвіз сацыяльнай дзяржавы: "Карма, камфортныя ўмовы і тады падцягнецца народ"

Праблемы планавай эканомікі

«Намміністра сельскай гаспадаркі і харчу Уладзімір Гракун кажа: разумееце, бульбы ж было шмат, сабралі... Ну так, быў неўраджай, 800 тысяч тон сабралі. Для забеспячэння насельніцтва, паводле разлікаў МАРГ, патрабуецца 90 тысяч тон у міжсезоннасць. … То бок яе, па разліках, павінна было хапіць з лішкам. Але, разумееш, апынаецца, што попыт вырас. Кажа, 170% даставы — і не хапіла.

Хочацца спытаць, а яна дакладна была? Ці яна па паперах была толькі недзе? Таму што ўявіць сабе, што палову згнаілі, тэарэтычна, можна. Увогуле, у мяне такое адчуванне, што планавая эканоміка, яна пакутуе ад тых жа праблем, як і планавая эканоміка ў часы Савецкага Саюзу. Калі на паперы ўсё ёсць: прыпіскі ўсе вышэй і вышэй, і адправілі, і паклалі, і заклалі, і 170% — а няма.

Першы намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Іван Вежнавец кажа: “Бульба прапала, цыбуля прапала, макароны прапалі. Гэта ўсё залежыць ад, ізноў жа, ад пераваг пакупніка. Чалавек прыходзіць і звяртае ўвагу на негатыў галоўным чынам”. Ну так, а што ён павінен рабіць? Яны павінны прыходзіць і запісваць падзякі ў ціктоках ці нешта яшчэ? Увогуле, вось гэта вось ідэя “прыкметы не працуюць, проста вы запамінаеце, калі яны працуюць” — гэта не бульба прапала, гэта проста вы на гэта звяртаеце ўвагу».

Пра грамадска карысную працу

«У нас жа цяпер ідэя, як яны там кажуць, дашліфаваць Беларусь. І вось гэта ўпарадкаванасць, пра якую мы шматкроць расказвалі, … скончыцца тым, што гэта будзе заданне не ўлады. Гэта будзе заданне, каму мы гэта даручым. Кажа [Аляксандр Лукашэнка], патрэбна шырэй прыцягваць людзей да грамадска карыснай працы, а то “людзі сядзяць недзе ўдома і думаюць, што мы, улада, павінны заплаціць грошы за іх і прыйсці навесці парадак на сядзібе, у гародзе, тэрыторыях, які прылягаюць”. Але, увогуле, вы павінны заплаціць грошы за іх, таму што яны вам ужо за гэта заплацілі. І вы, адпаведна, на іх грошы павінны пайсці і навесці парадак на, у тым ліку, тэрыторыі, якая прылягае. 

“Прымушайце людзей рабіць сваю справу”, — [сказаў Лукашэнка]. Насамрэч, гэта фраза павінна была гучаць: прымушайце людзей рабіць нашу справу». 

Канчатковае рашэнне смеццевага пытання

«Па пытаннях абыходжання з адходамі нарада. Вось умее ж! Кажа [Аляксандр Лукашэнка]: “Для кожнага складу ўрада гэта тэма з'яўляецца лакмусавай паперкай”. Ну, то бок апускаеш паперку, так, і калі не вельмі страшна, то жоўтае. Калі моцна страшна, то і карычневае. 

І вось ён кажа: “Асаблівасць цяперашняга паслявыбарчага перыяду будзе складацца ў неабходнасці выразнага і аператыўнага выканання прынятых на ўзроўні кіраўніка дзяржавы рашэнняў”. Выдатна! Засталося ўбачыць прынятыя на ўзроўні кіраўніка дзяржавы рашэнні, якія ён усё больш кажа, вы там самі неяк: “Не будзе, што мы спачатку на ўзроўні прэзідэнта збіраемся, праводзім мазгавую атаку па тым ці іншым пытанні, а потым дзесяць разоў яшчэ ў прэзідэнта збіраемся, малоцім языкамі, як у народзе кажуць, пераконваючы адзін аднаго, што гэта трэба рабіць. Сабраліся, дамовіліся, не робіце — да пабачэння. Я хачу, каб гэта запомнілі”. 

Ізноў, вядома, хочацца сказаць, пачні з сябе. І тут жа, у наступным абзацы: “11 гадоў назад, гэта тэма ўжо абмяркоўвалася дакладна ў такім жа складзе”. Мала таго, што 11 гадоў, так яшчэ і ў такім жа складзе. Увогуле, неяк атрымліваецца, што не павінна быць такога, як было: дзесяць разоў пагаварылі на гэту тэму, языкамі памалолі, як у народзе кажуць, а воз і цяпер там. Але ў гэты раз яму ўжо прапанавалі-такі канчатковае рашэнне смеццевага пытання: навесці парадак і вылізаць краіну ў год упарадкаванасці». 

Пра прыбіральню гораду-герою

«Лукашэнка апошнім часам бліскае цытатамі: “[Менскі раён] — гэта прыбіральны раён гораду-герою Менску”. Дачнікі гэтыя, яны ж зусім там адперазаліся, выкідваюць ледзь не лядоўні. Лукашэнка таксама пацікавіўся, якія прапановы ва ўрада па мерах адказнасці за аб'ектыўнае парушэнне правілаў. І для каго? Для грамадзянаў жа, вядома. Упарадкаванасць жа — гэта зараз праца кожнага. Для грамадзянаў, напрыклад, гэта няскошаныя пляцоўкі, платы, якія заваліліся, смецце на прысядзібнай тэрыторыі і таму падобнае. Прымушайце рублём, каб было бедна, але чыста». 

Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць