Расследуем карупцыю, выкрываем фэйкі, аналізуем навінавую павестку. БРЦ — чалец глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў.
Журналісты БРЦ – лаўрэаты нацыянальнай прэміі «Вольнае слова» Беларускай асацыяцыі журналістаў за расследаванні ў 2018, 2019, 2020, 2021 і 2022 гадах. На «Вольным слове» у 2021 годзе каманда БРЦ атрымала першае месца ў катэгорыі «Аналітыка».
БРЦ з'яўляецца чальцом OCCRP (Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці)
Таксама мы чальцы GIJN (Глабальная сетка журналістаў расследавальнікаў)
Азаронак выдаў сустрэчу Байдэна з дэпутатамі за паседжанне ўкраінскага ўраду
Тэлевядоўца выкарыстаў фотаздымак 2014 года як доказ залежнасці Украіны ад ЗША.
Адказваючы на ўкраінскі плакат з заклікам абараніць суверэнітэт Беларусі ад Уладзіміра Пуціна, тэлевядоўца Рыгор Азаронак заявіў пра залежнасць Украіны ад ЗША. У якасці доказу ён паказаў фота, на якім Джо Байдэн нібыта праводзіць паседжанне ўкраінскай Рады міністраў. Насамрэч на здымку іншая падзея.
У Дзень незалежнасці Беларусі, 3 ліпеня 2025 года, украінскія памежнікі змясцілі на мяжы плакат з карыкатурнай выявай Уладзіміра Пуціна, якога нагой выштурхваюць з беларускай тэрыторыі. Надпіс гаварыў: «Абарані суверэнітэт сваёй Радзімы!».
На наступны дзень Рыгор Азаронак адказаў на гэта віншаванне, абвінаваціўшы Украіну ў залежнасці ад ЗША. У якасці доваду ён паказаў здымак.
«Уключыце нам, калі ласка, фатаграфію 2014 года. Вярхоўная Рада Украіны, паседжанне Рады міністраў. Паседжанне Рады міністраў праводзіць дзяржсакратар, на той момант Байдэн, чужой краіны. Вы можаце сабе ўявіць, што прыедзе ў Беларусь Пуцін і збярэ наш Саўмін, і сядзе на чале стала, і будзе нешта ўказваць?» — задаў пытанне вядоўца ў праграме «Азаронак. Наўпрост» на тэлеканале СТБ.
На фотаздымку сапраўды бачны Джо Байдэн, які сядзіць за сталом у зале Вярхоўнай Рады на фоне ўкраінскага сцягу і лагатыпаў парламенту. Насупраць яго размясціліся ўкраінскія палітыкі ў дзелавых гарнітурах. Аднак гэта — не паседжанне Рады міністраў, як сцвярджае Азаронак.
Каманда WTF высветліла, што здымак зроблены 22 красавіка 2014 года падчас сустрэчы Байдэна (тады віцэ-прэзідэнта ЗША) з лідарамі дэпутацкіх фракцыяў і груп Вярхоўнай Рады ў Кіеве. Украінскія палітыкі казалі пра патрэбу ўвесці санкцыі супраць Расеі, амерыканскі віцэ-прэзідэнт падтрымаў запланаваныя рэформы.
Аляксандр Лукашэнка таксама сустракаўся з замежнымі парламентарамі. У сакавіку сёлета ён выступіў з прамовай у Савеце Федэрацыі — верхняй палаце расейскага парламенту.