Аляксандр Лукашэнка пад канец жніўня сустрэўся з губернатарам Валагодскай вобласці Расеі Георгіем Філімонавым і прапанаваў наладзіць супрацу па трох кірунках: тэхніка, харчаванне і будаўніцтва. Бакі хочуць прыйсці да таваразвароту ў мільярд долараў цягам 5 гадоў. У параўнанні з цяперашнім — гэта рост на 50%. Вынікі і эфектыўнасць гэтай сустрэчы абмеркавалі на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. У эфіры праграмы «Актуальны мікрафон» 27 жніўня 2025 года кандыдат эканамічных навук Зміцер Швайба заявіў, што перамовы з губернатарамі расейскіх рэгіёнаў — лепш за любыя міжнародныя сустрэчы, бо яны прыводзяць да прарываў у двухбаковым гандлі.
«Сустрэчы з губернатарамі расейскіх рэгіёнаў — гэта акурат канкрэтыка і практыка, бо лічбы фактычна задвойваюцца пасля гэтых сустрэч у стасунках у экспарце, у імпарце», — сказаў госць праграмы.
Сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўнікамі расейскіх рэгіёнаў сапраўды спрыяюць росту таваразвароту паміж гэтымі рэгіёнамі і Беларуссю. Аднак лічбы не падвойваюцца.
У чэрвені 2023 года Лукашэнка бачыўся з губернатарам Ліпецкай вобласці. Дакладных дадзеных па таваразвароце з гэтым рэгіёнам мы не знайшлі, але вядома, што па выніках 2024 года ён вырас на 11%, а не ўдвая.
У верасні таго ж года Лукашэнка сустрэўся з губернатарам Ленінградскай вобласці — таваразварот Беларусі з гэтым рэгіёнам дасягнуў мільярда долараў летась. Аднак рост у параўнанні з перыядам да перамоў — не меней за 7%.
З Валагодскай вобласцю, пасля сустрэчы Лукашэнкі з яе губернатарам Алегам Куўшыннікавым, таваразварот у 2024-м павялічыўся на 8%.