Еўрапейцы не памятаюць пра падзеі 2020 года ў Беларусі, напісалі аўтары тэлеграм-каналу «ЖС Premium» праз пяць дзён пасля гадавіны пратэстаў, якую беларуская апазіцыя адзначыла акцыямі ў розных гарадах.
«Прапагандысты зладзілі апытанне ў Нямеччыне: выйшлі на вуліцы, лавілі людзей у фрагмента Берлінскага муру, размаляванага ў колеры БЧБ-пракладкі, і пыталі: "Што вы памятаеце пра пратэсты ў Беларусі пяцігадовай даўніны?" Адказ быў адзін і той жа: "Мы нічога не ведаем"», — напісалі аўтары посту.
У доказ гэтых словаў прымацавалі відэа з апытаннем. Ролік апынуўся сапраўдным. Яго арыгінал 13 жніўня апублікавалі на ютуб-канале «Deutsche Welle Беларусь». Журналісты выдання пыталіся ў мінакоў у Берліне не толькі пра пратэсты 2020 года, але і што яны ўвогуле ведаюць пра Беларусь. Здымкі праходзілі на Патсдамскай плошчы, дзе ўжо пяць гадоў стаіць фрагмент Берлінскага муру, падоранага беларускай дыяспары.
Шмат якія рэспандэнты сапраўды мала, што ведалі пра нашу краіну і падзеі пяцігадовай даўніны. Але не ўсе. Арыгінальнае відэа доўжыцца больш за пяць хвілін, у ім есць і іншыя адказы, якія «ЖС Premium» не паказаў. Напрыклад, адна жанчына сказала:
«Там цяпер ва ўладзе дыктатар, я чула нешта падобнае. Я глядзела рэпартаж па тэлевізары, там распавялі, што ў Беларусі ёсць жанчына, якая змагаецца за волю і зараз за гэта ў турме».
Іншы мінак адказаў: «Мы назіралі, як развіваліся пратэсты. <…> Самае апошняе, што я чуў, гэта тое, што апазіцыю ў краіне прымусілі замаўчаць. <…> Тыя падзеі паказалі, што беларусы не хочуць жыць у аўтакратыі».