Антыфэйк / фактчэк

Сёння

Савецкае ўварванне ў Польшчу: гістарычныя факты супраць версіі палітолага Лазуткіна

Ён назваў уварванне СССР на тэрыторыю Польшчы ў 1939 годзе абаронай насельніцтва.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 19.09.2025
Палітолаг Андрэй Лазуткін распавёў сваё бачанне прычын уводу савецкіх войскаў у Польшчу ў 1939 годзе: урад збег, а дзяржава спыніла існаванне. Мы знайшлі гістарычныя недакладнасці ў яго словах. 

Пра падзеі 1939 года палітолаг Андрэй Лазуткін разважаў у эфіры ютуб-каналу «Палітыка. Менская праўда» 19 верасня 2025 года. Ён заявіў, што Савецкі Саюз насамрэч не нападаў на Польшчу: 

«Насамрэч мы ж не абвяшчалі вайны той міжваеннай Польшчы. То бок, яна спыніла сваё існаванне ў той момант, калі мы ўжо пераходзілі мяжу 17 верасня. Там быў урад у Варшаве, які ўжо збег праз румынскую мяжу. І мы на іх не нападалі, а мы баранілі тое беларускае і ўкраінскае насельніцтва, якое было на тэрыторыі Усходняй Польшчы». 

СССР сапраўды афіцыйна не абвяшчаў вайны Польшчы. Раніцай 17 верасня 1939 года Савецкі Саюз уручыў польскаму амбасадару ноту, у якой гаварылася, што польска-германская вайна паказала бездапаможнасць польскай дзяржавы, краіна страціла сталіцу, а ўрад фактычна перастаў існаваць. Таму савецкае кіраўніцтва аддало войскам загад «узяць пад сваю абарону» насельніцтва Заходніх Украіны і Беларусі.

Словы Лазуткіна пацвярджае беларускі афіцыйны падручнік гісторыі для 11 класа. Там сказана, што польскі ўрад нібыта збег за дзень да ўваходу савецкіх войскаў у Польшчу, то бок 16 верасня. Аднак польскія афіцыйныя крыніцы апісваюць іншую карціну: прэзідэнт Ігнацы Масьціцкі і ўрад перайшоў мяжу з Румыніяй позна ўвечары 17 верасня, ужо пасля пачатку савецкага наступу. 

Каманда WTF праверыла, што пра гэтыя падзеі сказана ў гістарычных крыніцах краін, што не ўдзельнічалі ў канфлікце. Напрыклад, на сайце ўраду Румыніі напісана: «Прэзідэнт Ігнацы Масьціцкі і чальцы польскага ўраду ў поўным складзе перасеклі мяжу ў ноч з нядзелі 17 на панядзелак 18 верасня 1939 года, знайшлі сховішча ў Чарнаўцах і былі прынятыя ў Дварцы мітрапаліта».

Гэту дату называла і замежная прэса таго часу: «Сутыкнуўшыся з падвойным уварваннем на сваю тэрыторыю і выяўным крахам сваіх арміяў, польскі ўрад адправіўся ў Румынію. Магчыма, ён адновіць уладу дзе-небудзь у Заходняй Еўропе», — сказана ў матэрыяле газеты The Sun за 18 верасня 1939 года.

Польскі прэзідэнт у звароце да народу 17 верасня заявіў, што рашэнне пакінуць краіну прадыктавана нападам як з захаду, гэтак і з усходу. Нямецкія войскі захапілі Варшаву толькі 28 верасня. Апошняя буйная бітва польскіх войскаў супраць савецкіх адбылася 1 кастрычніка 1939 года каля вёскі Вытычна ў Люблінскім ваяводстве.